Posted by БХД at Nov. 16, 2021, 12:39 p.m.
16 лістапада 1888 г. у Ваўкавыскім павеце нарадзіўся а. Вінцэнт Гадлеўскі.
Нарадзіўся ў вёсцы Шурычы. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю (1912) і Пэтэрбурскую Каталіцкую Духоўную Акадэмію (1916). Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску.У сакавіку 1917 году абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага зьезду 1917. У траўні 1917 удзельнічаў у Зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэньне каталіцкай партыі».
Пасьля абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі ўваходзіў у склад Рады БНР.
У 1921 выдаў беларускамоўныя казаньні XIX стагодзьдзя. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, рэдагаваў газэту «Крыніца». Выкладаў у Нясьвіскай беларускай сэмінарыі. З 1924 пробашч касьцёла ў мястэчку Жодзішкі Сьвянцянскага павету.
У 1925 і 1927 арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы.З 1929 жыў у Вільні, у 1930 часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Эвангельлі і Апостальскія дзеі выдадзены адной кніжкай у Вільні ў 1939). Быў аўтарам падручніка «Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Выступіў зь ініцыятывай стварэньня Беларускага нацыянальнага фронту. Выдаваў газэту «Беларускі фронт».
Заснаваў напрыканцы 1939 Беларускую Незалежніцкую Партыю. Зь верасьня 1941 у Менску. Правіў службу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.
Гадлеўскі разам зь Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асьветную працу, але іх пляны былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генэральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі.
Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненьні да беларускага народу. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 сьнежня 1942. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але той адмовіўся. Неўзабаве закатаваны ў Трасьцянцы (пад Менскам).