Posted by БХД at Jan. 6, 2022, 5:01 p.m.
Роўна 130 гадоў таму, 6 студзеня 1892, нарадзіўся Адам Станкевіч, палітык, публіцыст і каталіцкі святар. Ён быў дзеячом Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў міжваенныя часы, спрыяў пашырэньню беларускай мовы ў жыцьці Касьцёла. У 1949 годзе загінуў у сталінскім лагеры.
З працы "Хрысьціянства і беларускі народ" (Вільня, 1940):
"Самыя хрысьціянскія прынцыпы, самая гэта навука ёсьць з натуры сваёй вялікай маральнай абаронай і апорай нацыянальнага жыцьця агулам, а гэтым самым і Беларускага народу. Права на ўласную мову, рэлігію й культуру кожнай нацыі вынікае ня толькі з права прыроднага, але так-жа іменна з навукі хрысьціянскай. Галоўны прынцып хрысьціянскай навукі - гэта прызнаваць, уцьвярджаць і паглыбляць асабовасьць чалавека, як першага й адзінага асяродку поступу і культуры. Гэткія адносіны Хрысьціянства да людской асабовасьці ня нішчаць у ей нічога прыроднага, а знача й яе нацыянальнай асаблівасьці й рознасьці, але ўсё гэта вырабляюць, паляпшаюць, дасканаляць".