Posted by БХД at April 16, 2022, 1:57 p.m.

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Беларуская хрысціянская дэмакратыя шчыра віншуе ўсіх вернікаў, якія ў гэтыя дзве нядзелі святкуюць уваскрасенне Хрыстовае!

У гэтыя трагічныя дні зноў цемра спрабуе захапіць свет. Зноў гінуць людзі. Зноў цякуць кроў і слёзы. У гэты цяжкі і складаны час вельмі проста зняверыцца і страціць надзею, адчуць марнасць таго, што робіш.

Але ўваскрасенне Хрыста дзве тысячы гадоў таму паказала ўсім, што ані грэх, ані цемра, ані нават самая смерць не вечныя. Што святло і Божая любоў здольныя не толькі разагнаць ноч, але і зламаць джала смерці.

Таму не губляйма надзеі, гартуйма сілы і робім тое, што маем рабіць. І тады зажыве Беларусь! Вольнай, мірнай і квітнеючай – без беззаконня, без чужынскіх войскаў і з паспяховай эканомікай.

Жыве Беларусь! Слава Україні!