Posted by БХД at May 31, 2022, 6:01 p.m.

Святлана Ціханоўская, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова, Юрый Губарэвіч і Мікалай Казлоў 31 траўня выступілі на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі.

На сцэну яны выйшлі з партрэтрамі беларускіх палітвязняў – Паўла Севярынца, Марыі Калеснікавай, Марына Глазавай, Леаніда Судаленкі.

“Я шчаслівая быць тут на Кангрэсе ЕНП, бо я ведаю, што я сярод сяброў. Сяброў, якія падзяляюць тыя самыя каштоўнасці і маю веру ў незалежную і дэмакратычную Беларусь. Шмат гадоў ЕНП была вядучай сілай, якая падтрымлівала беларускую дэмакратыю”, - адзначыла Святлана Ціханоўская.

Яна адзначыла, што разам з беларускімі сябрамі ЕНП – Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і Рухам за свабоду – у 2020 годзе была праведзеная магутная кампанія, за якой паследавалі дэмакратычны ўздым і яго жорсткае задушэнне.

Але, падкрэсліла Святлана Ціханоўская, нягледзячы на катаванні, арышты і выгнанне, беларусы ніколі не здадуцца.

“Дарагія сябры, я б хацела паўтарыць відавочную, але часам забыты факт: Беларусь – гэта Еўропа, Беларусь – не Расея”, - адзначыла яна, дадаўшы, што беларусы супрацьстаяць таксама спробам Лукашэнкі ўцягнуць Беларусь у расейскую вайну супраць Украіны.