Posted by БХД at April 3, 2020, 7:04 p.m.

💪12 700 подпісаў за 4 дні 🔥

Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова і Віталь Рымашэўскі 3 красавіка перадалі ў Савет Міністраў калектыўны зварот адносна сітуацыі з каронавірусам, які з 31 сакавіка падпісалі онлайн 12 700 чалавек.

Кажа Віталь Рымашэўскі:
"Беларусы не давяраюць дзеянням уладаў па барацьбе з каронавірусам. Мы бачым, наколькі адарвалася беларускае кіраўніцтва ад сваіх грамадзян. За некалькі дзён толькі нашу петыцыю падпісала каля 13 тыс. чалавек, а такіх ініцыятываў ужо дзясяткі, а падпісантаў сотні тысяч, у маіх сацыяльных сетках больш 1 мільён праглядаў зваротаў па тэме каронавіруса. Прэзідэнт дазваляе абразлівыя заявы ў дачыненні да загінулых у выніку гэтай эпідэміі. Для нас, хрысціянскіх дэмакратаў, жыццё кожнага чалавека з'яўляецца каштоўным. Мы патрабуем увядзення тэрміновых мер супраць распаўсюду каронавіруса, каб захаваць жыццё як мага большай колькасці людзей. Мы выказваем вялікую ўдзячнасць нашым урачам і просім іх казаць нам пра сітуацыю. Звяртаюся да ўсіх беларусаў. Улады паважаюць толькі пазіцыю сілы. Зрабіце мінімальны ўклад - падпішыце петыцыю за ўвядзенне тэрміновых мер для барацьбы з эпідэміяй.

Гаворыць Вольга Кавалькова:
"Беларусаў спрабуюць паставіць перад ілжывым выбарам: жыццё, смерць або эканоміка. Як паказаў прыклад Паўднёвай Карэі і Тайваня, хуткія меры ў адказ на распаўсюд каронавіруса наадварот спыняюць эпідэмію і абараняюць эканоміку ад абвалу. Мы спадзяемся, што беларускае кіраўніцтва нарэшце пачне прыслухоўвацца да думкі народа і навучыцца паважаць сваіх грамадзян. Неабходна па вопыту іншых краін увесці каранцін у школах, забараніць масавыя мерапрыемствы і парад 9 траўня, забяспечыць бальніцы сродкамі абароны і тэстамі і праводзіць іх аператыўна і масава, а таксама дапамагчы бізнэсу.

Безадказная рэакцыя ўладаў на пандэмію пераконвае мяне ў правільнасці майго рашэння стаць кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі і змяніць на пасадзе дзеючага кіраўніка дзяржавы. У апошнія гады мы бачылі не раз неадэкватныя рашэнні і паводзіны ўладаў, як з дэкрэтам аб дармаедстве, законам аб адтэрміноўцы і цяпер ва ўмовах эпідэміі каронавіруса. Лукашэнка не мае ні маральнага, ні законнага права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі”.

Падпісаць зварот можна тут https://bit.ly/33WlsN2