Posted by БХД at Oct. 19, 2021, 2:33 p.m.
Успаміны сустаршыні БХД Паўла Севярынца пра тату Кастуся:
“Наша з татам таемная вандроўка пачыналася ўначы. Закат над Дняпром перапальваў вецці старых дубоў, вішняў ды яблыняў, дагараў, нібы вагонь на папялішчы. Вёска засынала. Успорваў неба месяц, праблісквалі і мігцелі россыпам дыяментаў зоркі, за горадам асабліва буйныя і зіхоткія. І тады тата казаў: «Пара!» Мы, дзеці, шэптам збіраліся, бралі рыбны садок, драўляны коўш, бутэльку з «сугрэвам», заткнутую коркам, для таты, змазвалі салам, каб не бразгалі, ключавіны вёслаў, апраналі ватоўкі, якія нарачане завуць кухвайкамі, і ціха, цугам, следам за татам, праз гарод, напоўнены стракатаннем цвіркуноў, спускаліся да Дняпра. Адмыкалі лодку і ціха па срэбнай месяцовай дарожцы, пераплывалі раку. Тата з ледзь чутным крэктам вылазіў у халодную, ваду, вёў за сабой лодку з намі трыма, непадалёк ад берагавых карчоў прывязваў яе за голлі вярбы. Пару хвілінаў цішыні, усплёск у цемры – і ў лодку трапна, адзін за адным пляскаюць зліткі жывога срэбра і золата. Акуні, язі, ліні. Плоткі памерам з далонь. Лавіць рыбу рукамі ўначы ў карчах на шляху з варагаў у грэкі – спрадвечны занятак нарачанаў, варты евангельскіх апосталаў. Татаў род ідзе ці то ад севяранаў з Чарнігаўшчыны, ці то ад уніята Севярына 18–га стагоддзя. Род змяшчае пакаленні патомных бандароў, прадзеда Рыгора, які запальваў вагні бакенаў для баржаў на Дняпры. Дзеда Пятра, што вярнуўся з вайны ў вёску ўсталёўваць «савецкую ўласць» (ад чаго ягоных дзяцей і ўнукаў празвалі «дэкрэтамі»), і бацьку Паўла, вучня беларускай школы канца 20- х, каторы вярнуўся з вайны без нагі, адарванай нямецкай мінай, ды ажаніўся з працавітай і літасцівай паштальёнкай Марыяй з Крушынаўкі, што на Рагачоўшчыне. Тата вырваўся з вёскі ў Менск у БДУ і адразу праславіўся складаннем гімну філфака і «Рэчыцкай лірычнай». Наша мама ўпільнавала ўзыходзячую зорку паэзіі, яны пабраліся шлюбам, вяселле згулялі ў «Журавінцы» ды пасяліліся ў кубавой, а потым у радыёрубцы студэнцкага інтэрнату 4 на Паркавай,9, што насупраць Палаца спорту... Лагодны, светлы, спагадлівы і таленавіты, лірык глыбокі, як Дняпро, душа кампаніі, тата жартаваў і складаў вершы настолькі натуральна, нібы нарадзіўся з языком і вуснамі, пераплеценымі адмыслова для рыфмаў ды досціпаў.... Менавіта ад таты ў нашай сям’і беларускасць, творчыя стрункі, рамантызм, памяркоўнасць і павага да чалавека. Матуля дадала ўпартага характару, цвёрдага парадку, патрабавальнасці, строгай адказнасці, годнасці з шляхецкага радаводу – і атрымаліся мы ўтраіх. Менавіта тата як журналіст у 1980-пачатку 1990-х неабыякавым беларусам на Віцебшчыне дапамагаў адстойваць праўду. У жніўні 1991-га ён, карэспандэнт БелТА-ТАСС, адмовіўся перадаваць паведамленні ГКЧП па вобласці. У студзені 1994-га ён літаральна за руку прывёў мяне ў Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа на сустрэчу з Зянонам Пазняком і Рыгорам Барадуліным – сустрэчу, якая адкрыла мне, школьніку, Беларусь... Гляджу на фота таты ля дзедавай хаты ва Унорыцы... Стамілася ягонае сэрца, стала цяжка падымаць і апускаць крылы лёгкіх. Апошні месяц ён задыхаўся і амаль не спаў... Светлыя душы Бог забірае да сябе – туды, дзе ім лепш. І вось на беразе Дняпра пад Шкловам дагарае вогнішча заката і згушчаецца ноч. Выходжу ў пах дрэва і гул пілаў на пілараме. Буйныя зоркі мігцяць па-над светам. Татава кроў коламі ходзіць па целе. А ён, змораны, ляжыць у жоўтым рачным пяску пад дубамі на ўнорыцкіх могілках, на старажытным шляху з варагаў у грэкі – і ціха плывуць, плывуць у вечнасць скрозь вагні далёкіх ліхтароў і бакенаў нарачанскія крыжы”.