Posted by БХД at Oct. 15, 2021, 11:28 a.m.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец даслаў сыну Францішку партрэт дзядулі Канстанціна Севярынца і напісаў ліст пра яго:

"...Мой тата, а твой дзед быў чалавекам светлым, таленавітым, дабрадушным і шчодрым. Нарадзіўся ён ва Ўнорыцы. Менавіта ён патлумачыў мне, што наша родная мова - беларуская, і што Беларусь мае быць незалежнай. Ён даглядаў мяне разам з бабай Таняй, маёй матуляй, карміў, апранаў, гадаваў і выхоўваў. Усіх нас, дзяцей, ён вадзіў на футбол, вазіў у грыбы - і, канечне, летам адпраўляў у любую Ўнорыцу. Калі ён прыходзіў дахаты, то званіў у званок будзёра і весела - "там-там-тарарам - тара-тара-тарам!", і мы ўсе падхоплівалі: "вось і тата прыйшоў!"

Дзед Косця пісаў вельмі добрыя вершы, багата дапамагаў іншым, расказваў пра Беларусь, вучыў ставіцца да жыцця спакойна, добра гатаваў і складаў цэлыя кніжкі для дзяцей.

Словам, твой дзед Кастусь Севярынец быў цудоўным чалавекам. Ведай гэта. Вельмі шмат людзей кажуць пра яго добрыя словы і праводзілі яго на неба.

Дасылаю табе ягоны партрэт - і дзякую табе за малітву за дзеда Косцю!"

Падпісвайцеся на https://t.me/bchd_info