Posted by БХД at Aug. 5, 2020, 2:15 p.m.

Сябры! Поўным ходам ідзе датэрміновае галасаванне, але незалежных назіральнікаў не пускаюць на ўчасткі, шторак у кабінках няма і шмат каго прымушаюць ісці галасаваць менавіта цяпер, а не 9 жніўня. Гэта ўсё парушэнне заканадаўства і нашых з вамі канстытуцыйных правоў.

Мы хочам нагадаць, што:

1. Кожны грамадзянін мае права прыходзіць галасаваць на ўчастак тады, калі захоча? і лепш гэта рабіць у асноўны дзень галасавання – 9 жніўня. Гэта ўскладніць задачу для фальсіфікатараў. Ні адзін начальнік не мае права вас прымусіць галасаваць датэрмінова, калі такое адбываецца – пішыце заяву ў міліцыю.

2. Кожны выбаршчык мае права на таемнае галасаванне і адсутнасць шторак гэта парушэнне вашых правоў. Таксама пішыце скаргі!

3. Рэгіструйцеся на платформе «Голас» https://belarus2020.org/ і фатаграфуйце свой бюлетэнь. Гэта законна і ніхто не мае права вам забараніць рабіць здымкі свайго выбару. У кабінцы для галасавання вы можаце рабіць тое, што лічыце патрэбным, у тым ліку і фота бюлетэня.

4. Насіце белыя стужкі, гэта дапаможа незалежным назіральнікам падлічыць колькасць тых, хто сапраўды хоча зменаў.

5. Таксама будзе цудоўна, калі вы ў дзень выбараў складзяце свой бюлетэнь гармонікам і так яго ўкінеце ў скрыню для галасавання.

Маладыя хрысціянскія дэмакраты заклікаюць рабіць свой выбар абапіраючыся толькі на сваё сумленне, падлічваць галасы згодна з законам і не ўдзельнічаць у падмане. Гэта наша краіна, мы можам усё змяніць! Мы сёння выбіраем будучыню для нашых дзяцей! Калі сябры камісій не сфальсіфікуюць, то 10 жніўня пачнецца новая эпоха без дыктатуры!

Званіце вашым блізкім з заклікам не хадзіць на выбары датэрмінова, званіце і пішыце вашым настаўнікам з заклікам не фальсіфікаваць!
Разам мы пераможам цемру!