Posted by БХД at Sept. 1, 2020, 1:39 p.m.
Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках і працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай
Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках паводле крымінальнага артыкула 293.2. Палітыку на 2 месяцы працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Пра гэта напісала жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.
«Захапляюся мужнасьцю, мудрасьцю і вытрымкай беларускага народа. Дзякую Богу за тое, што Царква выйшла за праўду і справядлівасьць. Веру, што Беларусь будзе вольнай», – перадала словы Севярынца жонка.
Павал Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, яго прызналі палітвязьнем. З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Адваката Кавальковай чарговым разам не дапусьцілі да падабароннай
Яўгена Маслава, адваката сябра прэзыдыюму Каардынацыйна рады, сустаршыні БХД Вольгі Кавальковай, зноў не пусьцілі да падабароннай.
31 жніўня Яўген Маслаў наведаўся ў СІЗА Жодзіна, дзе Вольга Кавалькова адбывае 10-дзённы адміністрацыйны арышт за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ля прахадной Менскага трактарнага заводу.
Адвакату адмовілі ў сустрэчы, спаслаўшыся на «складаную эпідэмічную сытуацыю». Як патлумачыў Яўген Маслаў, удалося высьветліць, што ягоная падабаронная знаходзіцца ў корпусе № 1 на тэрыторыі СІЗА з «асаблівым падпарадкаваньнем». Каардынацыя адбываецца ня з боку органаў выкананьня пакараньняў, а Жодзінскага РАУС.
На гэтай падставе Яўген Маслаў падаў скаргу на імя начальніка гарадзкога аддзяленьня ўнутраных спраў.