Posted by БХД at June 3, 2021, 5:23 p.m.
«Францішак прасіў, каб тата з намі пайшоў на вуліцу». Севярынец у турме сустрэўся з жонкай і сынам
Пасьля суду Вользе Севярынец далі 2 гадзіны на спатканьне з мужам — сустрэчу праз шкло з размовай праз тэлефон. На спатканьне Вольга ўзяла 3-гадовага сына Францішка, якога Павал ня бачыў з 7 чэрвеня мінулага году, калі яго затрымалі непадалёк ад свайго дома пасьля мітынгу ля Камароўскага рынку.
«Францішак ужо добра гаворыць, і яны з Паўлам размаўлялі праз слухаўку. Сын рэагаваў, адказваў, усьміхаўся і потым вельмі прасіў тату, каб ён з намі пайшоў на вуліцу пагуляць. Але неяк яму патлумачылі, што сёньня не атрымаецца», — сумна ўспамінае Вольга.
Што казаў Павал Францішку, Вольга ня чула, але пра некаторыя рэчы цяпер можа здагадацца.
«Раптам Францішак з прагулкі прынёс мне кветкі. Пытаюся, хто цябе навучыў, дык ён кажа, што тата. То бок гэта Павал навучыў яго дарыць маме кветкі», — сьмяецца Вольга.