Posted by БХД at May 6, 2021, 10:03 p.m.

У Паўла Севярынца забралі ўсе лісты ад ягонай жонкі

Піша Вольга Севярынец:

“Была ўчора ў слаўным горадзе Магілёве, знаёмілася з горадам, так сказаць.

Жыву апошнім часам толькі гэтым судом над Пашам. Суд пастанавілі зрабіць закрытым, забраўшы ў нас магчымасць хаця б паўсміхацца адзін аднаму, пабачыцца хоць праз краты ці акварыўм. Мы падалі скаргу ў Генпракуратуру. У Магілёўскі абласны, дзе і будуць судзіць Паўла, я завезла скаргу асабіста. Гэта, відавочна, мала чым дапаможа, але проста сядзець і глядзець на несправядлівасць, немагчыма.

А гэта ні што іншае як здзек і несправядлівасць, бо калі нават гепатэтычна ў матэрыялах справы ёсць нейкая таямніца, то неабавязкова рабіць закрытым увесь суд, можна зрабіць закрытым толькі яго часткі. Але аб чым я гавару...

Сёння прыйшоў ліст, дзе Паша піша, што ў яго забралі ўсе мае лісты, якія ён беражліва захоўваў і забраў з сабой з Валадаркі.

Артыкул, па якім яго будуць судзіць, прадугледжвае ад 3 да 8 год зняволення, магчымасці трапіць на "хімію" па ім не прадугледжана.

У глыбіні душы я ведаю, што ўсё будзе ўрэшце добра, цяжка думаць, што да гэтага "добра" нам трэба прайсці вельмі цяжкі шлях, яшчэ цяжэй думаць, што яго там за кратамі ідуць светлыя цудоўныя людзі і мой каханы.

12 траўня а 10.30 у Магілёўскім абласным судзе я буду рада бачыць усіх, хто захоча нас падтрымаць”.