Posted by БХД at June 29, 2021, 6:02 p.m.

Сёння, 29 чэрвеня, Еўрапейская Народная Партыя прыняла рэзалюцыю «Свабода для Беларусі» пад час працы сваёй Палітычнай асамблеі. У дакуменце выказваецца пашана народу Беларусі за мірнае змаганне дзеля свабоды, дэмакратыі і незалежнасці краіны.

Таксама дэкларуецца салідарнасць з сяброўскімі партыямі ЕНП – БХД, АГП і Рухам «За Свабоду». ЕНП абураная беззаконным прысудам да 7 год турмы Паўлу Севярынцу і выказвае смутак з нагоду гібелі ў турме Вітольда Ашурка. Буйнейшая партыя ў Еўрапарламенце заклікае да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў, аказання ўсебаковай дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў 2020-2021 гадоў – журналістам, студэнтам, грамадскім актывістам, бежанцам.

ЕНП вітае заснаванне «Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці» і заклікае еўрапейскія дзяржавы далучацца да гэтай ініцыятывы. Як флагман еўпрапейскай палітыкі ЕНП заўжды трымае Беларусь у фокусе сваёй увагі і дзейсна падтрымлівае памкненне беларусаў да ўсталявання дэмакратычнага ладу ў сваім краі.