Posted by БХД at April 13, 2021, 1:20 p.m.
Вольга Севярынец:
Сёння роўна 6 год з дня, калі мы распачалі Няспынную малітву за Беларусь. Гэта малітва за нашу Радзіму не спыняецца ні днём, ні ноччу з 12 красавіка 2015 года.
У малітве за гэты час паўдзельнічала каля 400 чалавек і яна працягваецца. Зараз за Беларусь па чарзе, адзін за адным, моліцца 186 чалавек. Віншую ўсіх удзельнікаў і дзякую за малітву 🙂
Але я хачу яшчэ больш малітвы за Беларусь :))) Вялікай, гарачай, шматлюднай!
Ініцыятыва маліцца ўсім разам а 21.00 кожны дзень, да якой заклікалі вядомыя хрысціяне, працягваецца і не збіраецца спыняцца.
Я ведаю таксама, што многія вернікі і цэрквы моляцца сваімі супольнасцямі і я хачу пабачыць як нас шмат.
Давайце флэшмоб #малюсязаБеларусь #prayforBelarus - хай кожны, хто моліцца за Беларусь неяк абазначыцца. Па-мойму, нам усім зараз вельмі важна ведаць, што нас шмат, разам весялей 🙂 Гэта можа быць пост з хэштэгам, можа быць здымак з удзельнікамі малітвы, з вашай супольнасцю ці царквой, можаце запісаць відэа з кароткай малітвай ці заклікам да малітвы за Беларусь.
Веру, што ў падзеях, якія зараз адбываюцца ў Беларусі ёсць і доля нашай малітвы. Усё ідзе па плане. Бог абудзіў Беларусь не для таго, каб яна зноў заснула. Разумеючы гэта, мы мусім сёння маліцца яшчэ больш горача!
***
Падзякі:
1. Падзяка за Божае дзеянне ў беларускім народзе.
2. Падзяка Госпаду за салідарнасць і ўзаемадапамогу ў беларускім народзе.
3. Падзяка Госпаду за абуджэнне цэркваў.
4. Падзяка Госпаду за мэдыкаў, рабочых, журналістаў, актораў, студэнтаў, якія выступілі ў абарону праўды.
5. Падзяка за міжнародную падтрымку і салідарнасць.
6. Падзяка за моц духа і смеласць беларускага народа.
7. Падзяка Госпаду за новую Беларусь.
***
Молімся:
1. За Божую абарону і літасць для беларускага народу, каб больш не пралівалася кроў.
2. За затрыманых і пацярпелых у часе мірных акцыяў.
3. За вызваленне палітвязняў.
4. За новыя справядлівыя выбары ў Беларусі.
5. За новую справядлівую хрысціянскую ўладу для Беларусі.
6. За спыненне беззаконня і хлусні.
7. За хрысціянскую атмасфэру пераменаў.
8. За актыўную малітву хрысціян адносна падзеяў у грамадзкім жыцці краіны і іх актыўны ўдзел у пераменах.
9. За нацыянальнае пакаянне ў грахах, духоўнае адраджэнне і адзінства беларускага народа.
10. За чыноўнікаў, суддзяў, праваахоўныя органы,каб пакаяліся і спынілі рэпрэсіі супраць свайго народа.
11. За беларускія школы і настаўнікаў, каб адбылося пакаянне і аздараўленне сыстэмы адукацыі.
12. За праўдзівае асвятленне падзеяў на нацыянальным радыё і тэлебачанні.
13. За дзеянне Святога Духу ў цэрквах і грамадзтве.
14. За вялікую агульнанацыянальную малітву за Беларусь.
15. За перамогу дабра над злом у Беларусі.